На экскурсіі вы даведаецеся, як жылі нашы продкі і як быў уладкаваны іх быт.
Сялянская хата адрознівалася прастатой.
Параўнальна невялікая прастора хаты была ўладкавана так, што ў ёй пражывала вялікая сям'я ў 7 - 8 чалавек. Кожны член сям'і ведаў сваё месца ў хаце і за сталом.
Гаспадар дома падчас абеду сядзеў пад бажніцай, старэйшы сын па правую руку ад бацькі, другі сын - па левую, трэці - побач са старэйшым братам Дзяцей садзілі на лаву, якая ідзе ад пярэдняга кута. Жанчыны елі на прыстаўных лаўках або табурэтках.
У звычайныя дні хата выглядала даволі сціпла. У ёй не было нічога лішняга: стол без абруса, сцены без упрыгожванняў.
Абавязкова ў кожнай хаце быў чырвоны кут (з правага боку), у якім на палічцы стаялі абразы і вісела лампадка. Бажніцу заўсёды ўпрыгожвалі вышытымі ручнікамі. Трэба адзначыць, што ручнікі выкарыстоўваліся ў вёсцы ў многіх абрадах: на вяселлях, хрэсьбінах, пахаванні.
Доўгімі зімовымі вечарамі сям'я сядзела пры лучыне - гэта тоненькая драўляная палачка з аднаго канца завостраная, гэты канец і падпальвалі. Потым з’явіліся керасінавыя лямпы, яны былі настольнымі або вісячымі, г.зн. падвешваліся на кручок да столі. А першыя электрычныя лямпачкі з'явіліся ў 50-х гадах XX стагоддзя.
У святочны дзень хата змянялася, стол ставілі на сярэдзіну, ён накрываўся белым абрусам, на паліцы выстаўлялі святочнае начынне.
Начынне - гэта ўся сукупнасць прадметаў, неабходная чалавеку ў яго ўжытку. Начынне - гэта посуд, для захоўвання і прыгатавання ежы, падачы на стол. Гэта карабы, сундукі для захоўвання адзення, прадметы асабістай гігіены, прадметы для распальвання агню.
Паўсюднае распаўсюджванне ў Беларусі ў XIX ст. атрымалі куфры (сундукі) для складвання бялізны. Важную ролю куфар адыгрываў у вясельным абрадзе. Яшчэ задоўга да вяселля дзяўчына набывала сабе куфар і збірала ў ім свой пасаг: посцілкі, ручнікі, абрусы, кашулі, андаракі і іншыя хатнія вырабы. У час вяселля, пры пераездзе нявесты ў дом жаніха, куфар, на якім сядзеў шафер, урачыста перавозіўся ў якасці пасагу ўслед за маладымі. На ўпрыгожванне куфра звярталася вялікая ўвага. Як правіла, яго крышка і бакі распісваліся раслінным або геаметрычным арнаментам.
Назва прадметаў быту змянялася ў залежнасці ад яго выкарыстання гаспадыняй: гаршчок, у якім варылі кашу, называўся «кашнікам», посуд, зроблены з гліны, называўся гаршчок, з чыгуну - чыгунок, з медзі - меднік. Пасудзіна для квашання гародніны, якую выраблялі бандары, называлася кадкай.
Гаршчкі ставілі ў печ пры дапамозе вілак (ухвата).
Ухават - «бабіна рагаціна», складаецца з жалезнай дужкі і драўлянай ручкі.
Квас, піва, ваду, захоўвалі ў вялікіх гліняных ёмістасцях - карчагах.
Перамешвалі квас у карчагах пры дапамозе драўлянай мяшалкі. Ёй жа замешвалі цеста для хлеба.
Драўляная лыжка - служыла для зачэрпвання вадкай і рассыпістай ежы, часам яна выкарыстоўвалася гаспадаром, як сродак пакарання за непаслухмянства.
Люлька – выкарыстоўвалася для курэння тытуня главой сям’і.
Люстэрка ў драўлянай аправе ўпрыгожвалі разьбой, яно замацоўвалася ў прасценку паміж вокнамі. Такія люстэркі заўсёды ўпрыгожваліся ручнікамі, вышыўкамі, карункамі.
У гаспадарцы часта выкарыстоўвалі кошыкі розных памераў і формы, часцей іх плялі з вербавых галінак. Кошыкі былі з адкрытым і закрытым верхам. 3 імі хадзілі па грыбы і па ягады.
Кошык, сплецены з каранёў хвоі, называўся каранёўкай. У іх захоўвалі хатнія рэчы і вопратку.
Для пераносу вёдраў, бадзеек і кошыкаў служыла карамысла. Іх рабілі з ліпы, асіны, вярбы, таму што іх драўніна адрознівалася гнуткасцю і пругкасцю. Карамысла ў выглядзе дугі добра размяшчалася на плячах.
Амаль у кожным доме стаяў ткацкі станок, на ім ткалі палавікі і льняное палатно. Дываночкамі ўпрыгожвалі падлогу, а з ільнянога палатна шылі вопратку сабе і дзецям.
Вопратку насілі суконную, даматканую, працэс вырабу быў працаёмкім. Мужчынская і жаночая вопратка была прасторнай, шырокай, аднатоннай. Святочнае адзенне ўпрыгожвалася арнаментам, стужкамі, было яркім. Жанчыны насілі сарафаны з шырокімі рукавамі. Наверх сарафана апраналі кофту ці фартух (Дадатак А).
Печ была неабходная для абагрэва жылля і для прыгатавання ежы. Агонь разводзіўся ўнутры печы, дым выходзіў праз комін. Печка мела форму куба, яе даўжыня была 200 см, шырыня 180 см, вышыня - 170 см. Верх печы роўны, тут можна было паляжаць і пагрэцца.
Унутры печы знаходзілася топка з закругленай столлю і плоскім дном. Вусце печы мае паўкруглую форму, печ зачынялася заслонкай. Перад вусцем - пляцоўка, яе называлі шасток. На шасток ставілі гаршкі, чыгункі і з дапамогай вілак іх ставілі ў печ.
Такія печы былі з гліны і каменя, яны дапамагалі трымаць цяпло. Добра збітая печ была трывалай і магла служыць некалькім пакаленням.
Адтуліны ў печы называлі пячуркамі. У іх сушылі шкарпэткі і рукавіцы.
На нагах сяляне насілі лапці.
Яны былі вельмі зручнымі, цёплымі, лёгкімі. Іх плялі з палосак кары ліпы, вяза, ракіты, верасу. Плялі лапці з дапамогай няхітрага інструмента - каточыка.
Для пляцення лапцей выкарыстоўвалася драўляная калодка – дрэўка.
Каб лапці не спадалі з ног, іх прывязвалі з дапамогай аборак. Для цяпла ў лапці клалі сена, часам да падэшвы прышывалі скуру, і тады ногі ў такіх лапцях не прамярзалі і не прамакалі.
Пашыты сваімі рукамі абутак са скуры называўся - коты. Коты былі вельмі зручныя. Унутр іх клалі сена з канюшыны, каб не хварэлі ногі.
Жанчыны, калі ішлі на набажэнства ў царкву, насілі чаравічкі. Каб гэты абутак доўга служыў, зверху апраналі гумавыя галёшы.
У кожнай гаспадарцы трымалі авечак. Іх стрыглі два разы на год адмысловымі нажніцамі.
3 воўны вязалі цёплыя рэчы. Але перш неабходна было прыгатаваць ніткі.
Шэрсць чысцілі ад старонніх прадметаў, затым церабілі на цярэбачках і складвалі ў роўную стопку - кудзелю.
Кудзеля прымацоўвалася да калаўрота, і жанчына левай рукой выцягвала прадзева, а правай круціла верацяно. На верацяно наматывала ніткі, затым дзве ніткі злучаліся ў адну і пруткамі вязалі шкарпэткі і рукавіцы.
Калаўрот сяляне ўпрыгожвалі арнаментам, узорам, на іх думку, гэта засцерагала і ахоўвала ад ліхіх людзей.
Калыска - люлька - прыстасаванне для сну і ўкалыхвання дзіцяці. Яна мае выгляд прамавугольнай драўлянай скрыні з дном, яе падвешвалі да столі на вяроўках - дужках. На дно калыскі клалі сена, салому, анучы, пад галаву клалі падушку, набітую сенам або саломай. Для абароны дзіцяці ад мух, камароў і святла на калыску вешалі полаг. У калысцы дзіцяці трымалі 1-2 гады.
Па святах мужчыны апраналі прыгожыя кашулі - касавароткі, а жанчыны апраналі спадніцы-саматканкі. Было заведзена насіць вопратку з натуральных валокнаў - воўны і лёну.
Лён для гэтага спецыяльна вырошчвалі на палях. Яго яшчэ называлі «паўночным шоўкам».
Увосень, калі лён паспяваў, яго ірвалі рукамі, каб не пашкодзіць далікатныя сцяблінкі, складалі ў полі, каб ён тыдні два адляжаў. Яго ставілі ў снапы, выбівалі насенне, сцяблінкі мялі мялкаю, трапалі, часалі грэбнямі і атрымлівалі мяккую ільняную кудзелю.
Пралі ільняную кудзелю таксама на пралцы. 3 нітак на ткацкім станку ткалі палатно. 3 палатна шылі вопратку.
У вольны час жанчыны плялі карункі, яны прышывалі іх да прасцін, навалачак, сцены дома ўпрыгожвалі вышыўкамі роўняддзю і крыжыкам.
Рубель - драўляны выцягнуты брусок з кароткай круглай ручкай. На ўнутранай паверхні гэтага інструмента рабіліся папярочныя рубцы. Ён выкарыстоўваўся для разгладжвання пасля мыцця сухой ільняной тканіны. Паверхня тканіны рабілася гладкай.
Вырабы з металу. Для селяніна лета лічылася самым цяжкім часам, і галоўнай падзеяй лета быў сенакос. Траву ў час сенакосу касілі косамі. Такімі косамі старэнькія дзядулі косяць траву і па сённяшні дзень. Моладзь любіла сенакос як свята, ахвотна працавала, спявала песні, жартавала.
Зямлю апрацоўвалі матыгамі, дровы калолі сякерамі.
У канцы лета даспявала збажына. Прыбіралі хлеб сярпамі. Спачатку жалі жыта, потым ячмень, затым пшаніцу.
Сяляне самі хадзілі ў лес на нарыхтоўку дроў, каб дрэва паляцела ў патрэбны бок, яго штурхалі жалезнай рагацінай, яна прымацоўвалася на драўляную палку.
Прас - выкарыстоўвалі для разглджвання адзення. Спачатку ў прас клалі гарачыя вуглі, яго пастаянна раскачвавалі, а дым выходзіў вонкі праз металічную трубу. Выкарыстоўвалі ў гаспадарцы і чыгунныя цяжкія прасы.
Ступка - прыстасаванне для драбнення розных прадуктаў: солі, перцу, хрэна. У вёсках выкарыстоўваліся драўляныя ступкі.
Маслабойка - гэта звычайна высокая, завужаная зверху бочачка, у крышачцы адтуліна для ўзбівання (біла), да ніжняга канца якой (ударная частка) прымацоўвалі кружок з адтулінамі або крыжавіну.
Для мыцця бялізны служылі начоўкі - драўляная, шырокая, нізкая пасудзіна, часам з вушкамі.
Гаспадарка беларуса не абыходзілася без такога простата хатняга прадмета, як валёк, вядомага з XI ст. - плоскага драўлянага бруска з ручкай, якім білі бялізну пры мыцці. Ім жа абмалочвлі лён, проса.
Падковы для коней выраблялі ў кузні. Падковамі падкоўвалі коней, для таго, каб яны не паранілі капыты.
Каб каня запрэгчы ў калёсы ці сані, была неабходная дуга.
Былі і прыгожыя дугі, якія выкарыстоўваліся па святах, іх дадаткова ўпрыгожвалі стужкамі і званочкамі.
Рукамыйнік - металічная ёмістасць круглай формы з шырокай адтулінай і носікам, куды налівалі ваду. Яго падвешвалі на ланцужку або на вяроўцы, побач вісеў ручнік.
На гэтым наша экскурсія заканчваецца. Дзякуй за ўвагу.
раскрыть » / « свернуть